ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе процідзеянне эл. ланцуга (ці яго ўчастка) электрычнаму току. Абумоўлена перадачай ці пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. віды энергіі: пры неабарачальным пераўтварэнні эл. энергіі (пераважна ў цеплавую) Э.с. наз. амічным супраціўленнем (ці актыўным); Э.с., абумоўленае перадачай энергіі эл. ці магн. полю і ў адваротным напрамку, наз. рэактыўным супраціўленнем.

Пры сіле пастаяннага току J і напружанні U паводле Ома закону Э.с. R ланцуга роўна R = ​U/J. Яно залежыць ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і формы. Для аднароднага па саставу правадніка з пастаяннай плошчай папярочнага сячэння S і даўж. l: R = ρ​l/s, дзе ρ — удзельнае Э.с., якое характарызуе матэрыял правадніка. Велічыня, адваротная ρ, σ = ​1/ρ наз. ўдзельнай электраправоднасцю. З ростам т-ры Э.с. праваднікоў павялічваецца, з паніжэннем — памяншаецца. Пры вельмі нізкіх т-рах Э.с. некаторых металаў і сплаваў падае да нуля (гл. Звышправоднасць). Актыўнае Э.с. пераменнаму току большае, чым пастаяннаму, з прычыны павелічэння шчыльнасці току ў паверхні правадніка (гл. Скін-эфект), а таксама з-за страт на віхравыя токі і магн. гістэрэзіс. Пры пераменным току поўнае Э.с. ланцуга Z вызначаецца акрамя актыўнага r таксама і рэактыўным супраціўленнем x, якое залежыць ад індуктыўнасці і электраёмістасці. Для сінусаідальнага току Z = r2 + x2 . Адзінка Э.с. ў СІ — ом.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)